“Як вы бачыце, пакуль паняцце “дыялог” і “закон” усё яшчэ трактуецца неяк па-свойму, – кажуць паплечнікі Марыі Калеснікавай. – Але нічога, нас, як і ўсіх беларусаў, гэта яшчэ ніколі не спыняла”.
Найперш абарона прасіла даць звесткі тых, хто наведваў Марыю ў турме напярэдадні «круглага стала» ў СІЗА КДБ, у тым ліку і таму, што Марыя асцерагаецца негатыўных наступстваў падобных візітаў. Але ў прадастаўленні такой інфармацыі адмоўлена, бо, маўляў, такое патрабаванне не заснавана на законе.
Таксама падавалася скарга на неканкрэтныя абвінавачванні, парушэнні права на абарону. І ў гэтым выпадку адказ следчых быў такі: высновы абароны заснаваныя на суб’ектыўным тлумачэнні нормаў Крымінальнага кодэксу і Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Акрамя таго, не задаволена скарга аб змене меры стрымання на асабістае даручальніцтва.
“Мы працягнем змагацца і за Марыю, і за ўсіх іншых палітвязняў, – кажуць яе сябры. – Чакаем усіх на свабодзе!”
Нагадаем, што 26 кастрычніка адвакат Людміла Казак не змагла з-за каранціна сустрэцца са сваёй падабароннай Марыя Калеснікавай у СІЗА Жодзіна. Прычына – каранцін на на 10 дзён. Адпаведна, як мінімум да 2 лістапада абарона не зможа ўбачыць Марыю і працягнуць працу над яе справай.
***
У 2020 годзе Марыя Калеснікава ўзначаліла штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.
18 жніўня яна ўвайшла ў асноўны склад «Каардынацыйнага савета па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу», а 19 жніўня была выбрана ў яго прэзідыум.
7 верасня Марыя Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што члены Каардынацыйнага савета Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў прыкладна ў 4 гадзіны раніцы перасяклі мяжу з Украінай. Паралельна беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Краўцоў і Раднянкоў “гэтай ноччу збеглі за мяжу”, а Калеснікаву затрымалі.
9 верасня бацька Марыі Калеснікавай паведаміў, што яна арыштаваная. Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). 12 верасня яе перавязлі з мінскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.
16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабарончай супольнасцю Марыя Калеснікава прызнана палітвязнем.
palitviazni.info