Палітзняволеная Марыя Калеснікава даслала ліст тату, у якім распавядае пра сябе і перадае ўсім прывітанне.
“Абдымаю ўсіх, – піша Марыя. – Абавязкова скажы нашай камандзе не здавацца, толькі наперад! Усе тыя, хто мяне выкрадаў, неверагодна слабыя і ў істэрыцы. Яны нават не ўмеюць рабіць добра сваю працу”.
Тата Марыі Калеснікавай атрымаў ліст ад Марыі з бел-чырвона-белымі сэрцайкамі і белай стужкай у канверце! Ліст ішло з Жодзіна ў Мінск паўтара тыдня.
“Са мной усё ў парадку, – піша Марыя Калеснікава. – Умовы больш-менш нармальныя, а новыя сяброўкі выдатныя. Мы займаемся фітнесом на вуліцы падчас прагулкі і шмат ядзім.
Вельмі спадзяюся, што з сястрой Таняй і камандай усё ў парадку. Абдымаю дужа іх усіх. Абавязкова скажы ім не здавацца, толькі наперад! А ўсе тыя, хто мяне выкрадаў, неверагодна слабыя і ў істэрыцы. Яны нават не ўмеюць рабіць сваю працу добра. У іх усюды БАРДАК І ХАОС. І гэта не жарт”.
***
7 верасня Марыя Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што члены Каардынацыйнага савета Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў прыкладна ў 4 гадзіны раніцы перасяклі мяжу з Украінай. Паралельна беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Краўцоў і Раднянкоў “гэтай ноччу збеглі за мяжу”, а Калеснікаву затрымалі.
9 верасня бацька Марыі Калеснікавай паведаміў, што яна арыштаваная. Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). 12 верасня яе перавязлі з мінскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.
16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Праваабарончай супольнасцю Марыя Калеснікава прызнана палітвязнем.
palitviazni.info