Журналісткі тэлеканала “Белсат” знаходзяцца за кратамі ўжо каля трох месяцаў.
“Справу будзе разглядаць суд Фрунзенскага раёна Мінска. Суддзя – Наталля Бугук. Пачатак у 10.00”, – паведаміў муж Кацярыны Ігар Ільяш.
Супрацоўніцы тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева (на фота) і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 году пасля прамога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы пераменаў» у Мінску.
Пазней ім было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх).
Журналісткі абвінавачваюцца ў нанясенні ўрону «Мінсктрансу» на 11 562 рубля 14 капеек.
“Нарэшце палепшала сітуацыя з перапіскай, – паведаміў Ігар Ільяш на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Толькі за апошнія шэсць дзён я атрымаў тры лісты, ды і Каці перадалі большасць маіх лістоў.
Каця падыходзіць да суду ў добрай форме – і фізічна, і эмацыйна. Піша, што “неяк спакойная за свой лёс”. Каментуе тое, што адбываецца з іроніяй: “Натхняемся гісторыяй. Не забываем, што мне пашанцавала нарадзіцца не ў 1903 годзе, а праз 90 гадоў… Таму я не агент імперыялістычнай разведкі і не атрымаю 10 гадоў без права перапіскі”.
Па словах Ігара, Кацярына таксама распавядае, што ёй дасылаюць вельмі шмат лістоў, у тым ліку з-за мяжы – Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Бельгіі, Бразіліі. Атрымала нават ліст на афіцыйным бланку ад амбасадара Румыніі ў Беларусі.
palitviazni.info